«Камяню нiколi не разбiцца…» Бернардзiнскi кляштар у Miнску

бернардзінскі кляштар у Мiнску
92 Просм.

У кожнага горада ёсць мясціны, асобныя будынкі, насычаныя гісторыяй настолькі, што арэол таямнічасці і загадкавасці застаецца з імі насуперак усім метамарфозам часу. Іншы раз яны здаюцца веліканамі, што стаміліся ад цяжару ведаў і са смуткам глядзяць на чарговыя павароты кола гісторыі. Часам яны – падарожнікі, якія прыйшлі з іншай, далёкай краіны і хочуць расказаць нешта вельмі важнае, а іх ніхто не чуе… Але нязменна яны застаюцца жывымі сведкамі мінулага… Як бернардзінскі кляштар на вуліцы Кірылы і Мяфодзія ў Мінску…

бернардзінскі кляштар у Мiнску

Нічога не забудзе забыцьцё,
Аднойчы ўзяўшы да сябе былое.
Рыгор Барадулін

Міфы і паданні – важная частка гарадскога вобраза. Яны робяць канкрэтнае месца «сваім», важным, знакавым, перадаюцца з пакалення ў пакаленне, ажыўляюць у памяці тое, што беззваротна знікла.

 

З Верхнім горадам звязана шмат гісторый: праўдзівых і не вельмі, часам і проста фантастычных. Але хто сказаў, что ад гэтага яны менш праўдзівыя?.. Прывід ратушы, русалка са Свіслачы, дом масонаў…

Гэтыя легенды пакідалі ў нашай памяці вобраз горада таямнічага і цудоўнага. Нас зачароўваў сваёю строгай прыгажосцю будынак касцёла, дзе чамусьці змяшчаецца архіў, а абнесеная калючай агароджай гауптвахта, наадварот, насцярожвала – настолькі яна была тут «не да месца»... А колькі аповядаў хадзіла пра падземныя хады паміж двума – жаночым і мужчынскім – бернардзінскімі кляштарамі, пра манахаў, якія хавалі і лячылі раненых паўстанцаў, пра мноства мёртвых целаў, знойдзеных у сутарэннях пасля вайны…

Так месца напаўнялася асаблівай атмасферай, яно здавалася сведкам чагосьці большага, чым мы ведалі і бачылі. І вельмі хацелася зазірнуць у глыбіню стагоддзяў, адхінуць яго сакрэты, прайсці побач з імклівай ракой жыцця, што даўно адышло ў нябыт. Некаторыя старонкі нашай архітэктурнай спадчыны мы паспрабавалі прасачыць на комплексе будынкаў былога бернардзінскага кляштара – аднаго з цікавейшых помнікаў архітэктуры Мінска XVII–XVIII стагоддзяў з вельмі складаным лёсам.

А для гэтага спачатку вернемся ў мінулае…

На беларускіх тэрыторыях здаўна існавала традыцыя дараваць кляштарам ці касцёлам землі. Так рабілі многія заможныя людзі, дзякуючы гэтаму засноўваліся касцёлы і кляштары розных ордэнаў – францысканцаў і аўгустынаў, базыльян і камуністаў і інш.

Манахі ордэна бернардзінцаў з’явіліся ў Менску ў 1624 г. і ўладкаваліся на невялікім участку зямлі ў драўляным будынку, што дараваў ім краснасельскі стараста Андрэй Кенсоўскі. Фундацыя была пацверджана Яўстафіем Валовічам. А паколькі сэрца кляштара – гэта храм, у 1630-х гадах браты пабудавалі свой першы - драўляны – касцёл і канвент, якія, на жаль, згарэлі ў 1644 г. У 1652 г. з дазволу віленскага біскупа А. Войны на месцы драўлянага быў узведзены каменны касцёл, названы у гонар Іосіфа Выбранніка Прасвятой Дзевы Марыі, і брацкі корпус.

У тыя часы пажары ўяўлялі вялікую небяспеку для гарадоў. І Менск не быў выключэннем. Ён гарэў у 1656, 1740, 1809 гадах. Неаднойчы гарэў і кляштар, і касцёл – нават каменныя сцены не ратавалі iх ад агню, але кожны раз, як птушка Фенікс, яны адраджалісяся нанова, паступова набываючы рысы віленскага барока. У 1752 годзе былі адноўлены наступствы чарговага пажару, і менавіта гэты год у большасці рукапісных і літаратурных крыніц названы як дата заканчэння будаўніцтва гэтага ансамбля.

Якім быў першапачатковы план кляштарнага комплексу і як ён выглядаў да сярэдзіны XVIII ст. – нам невядома. Ёсць версіі, што цяперашні 3-павярховы корпус – вынік рэканструкцыі каменнага збудавання, што пацярпела у час пажару 1740-х гадоў.

Да канца XVIII – пачатку XIX ст. кляштар бернардзінцаў займаў цэлы квартал, абмежаваны вуліцамі Вялікай і Малой Бернардзінскімі (цяпер Кірыла і Мяфодзія), Зыбіцкай і плошчай Высокага рынку. Комплекс уключаў у сябе храм з прыбудаваным да яго брацкім корпусам (разам яны ўтваралі замкнутае карэ вакол унутранага двара) і шматлікія каменныя і драўляныя збудаванні – трапезную, школу (ланкастэрскую, у якой ажыццяўлялася сістэма ўзаемнага навучання), шпіталь, стайню, піваварню, быў свой калодзеж. Унутраных дворыкаў было чатыры. Тут манахі разбівалі агарод, сад, трымалі жывёл, а ў размешчаных непадалёку гандлёвых радах прадавалі ўласную прадукцыю. Кляштар быў абнесены высокай мураванай сцяной з некалькімі брамамі, галоўныя з якіх размяшчаліся перад касцёлам і мелі трохпралётную кампазіцыю, завершаную «вытачанымі вазонамі».

Варта адзначыць, что комплекс кляштара бернардзінцаў на працягу XVII–XVIII стст. іграў важную горадабудаўнічую ролю ў ансамблі плошчы Высокага рынку, а таксама ў духоўным і, кажучы сучаснай мовай, сацыяльна-грамадскім жыцці горада. Яго дамінанта – касцёл Святога Іосіфа – стаў упрыгажэннем не толькі комплексу, але разам з храмам бернардзінак (цяпер праваслаўная царква Святога Духа), гарадской ратушай і гандлёвымі радамі – сімвалам горада.

Эксплікацыя да плану Мінскага кляштара бернардзінцаў

Эксплікацыя да плану Мінскага кляштара бернардзінцаў. Складзены ў 1806 г. (пераклад з польскага): 1 – касцёл, 2 – капліца пана Езуса, 3 – капліца Св. Францыска, 4 – сакрыстыя, 5 – келля Правінцыяльская, 6 – сталовая, 7 – кухня, 8 – келля Гвардыянская, 9 – зал Камуніі, 10 – келлі, 11 – лесвіца на 3-ці (?) паверх, 12 – уваход, 13 – калідор, 14 – пагост касцёла, 15 – частакол, 16 – месца для прагулак, 17 – агарод, 18 – лядоўня, 19 – стайня з карэтнай вазоўняй, 20 – піваварня, 21 – амбар, 22 – калодзеж, 23 – галерэя ці садок для кветак, 24 – двор, 25 – брама, 26 – каменная сцяна, якая агароджвала касцёл, 27 – агароджа, 28 – шкала прутоў, пруткоў і шнуроў, 29 – магнітная іголка, паказвае на поўнач, поўдзень, усход і захад, 30 – компас, паказвае гадзіны і квадранты, 31 – рака Свіслач

Вось як апісваецца гэты помнік архітэктуры барока ў энцыклапедычным даведніку «Архітэктура Беларусі»: «…3-нефавая 6-слуповая базіліка з больш высокім цэнтральным нефам, які пераходзіць у выцягнуты прэсбітэрый з 3-граннай алтарнай апсідай, умацаванай контрфостамі. Галоўны фасад – бязвежавы, з хвалістай паверхняй, падзелены пілястрамі на 3 часткі. Цэнтральная завершаная фігурным шчытом з валютамі па баках, з шырокім уваходным парталам, над якім вялікае акно з 3-лопасцевым арачным завяршэннем. У паўцыркульных нішах размяшчалася стукавая скульптура. Сцены бакавых фасадаў раскрапаваны пілястрамі, вокны паўцыркульныя і лучковыя. Бакавыя нефы былі перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі, капліцы ў іх – крыжовымі скляпеннямі з ляпным дэкорам. Інтэр’ер касцёла быў упрыгожаны 9 алтарамі, аздобленымі жывапісам, сярод якіх асаблівым хараством вылучаўся галоўны з мноствам скульптур».

30 мая 1835 г. на Саборнай плошчы зноў успыхнуў моцны пажар, які пашкодзіў ўсе будынкі і больш за ўсё касцёл. Праводзіліся аднаўленчыя працы, аднак былога дабрабыту кляштар ужо не дасягнуў.

Дакументы тых гадоў сведчаць, што кляштар «…оказался наиболее вредным для края, постоянно выражал особое сочувствие революционным манифестациям и выказывал больше других упорства и стремления к поддержанию беспорядков… В этом монастыре с самого начала имелись проявления разных манифестаций, пелись возмутительные гимны и совершались панихиды за политических преступников…».

Безумоўна, гэтага, царскія ўлады зносіць не маглі, асабліва пасля паўстання 1863–1864 гадоў, і кляштар ліквідавалі. А ў жылым корпусе размясцілі следчую турму, дзе ўтрымлівалі ўдзельнікаў паўстання… Быў кляштар прытулкам, стаў месцам зняволення...

Касцёл Святога Іосіфа, які кароткі час паслужыў уніятам як царква Святых Кірылы і Мяфодзія, у 1872 г. перадалі ў гарадское ведамства пад архіў, у 1888 г. – міністэрству юстыцыі. У жылым будынку знаходзіліся казармы Каломенскага пяхотнага палка і паліцэйскага ўпраўлення. Частку гаспадарчых пабудоў перадалі гораду, і там размясцілася пажарная каманда, якая стала адным з галоўных на той час фарміраванняў па забеспячэнні пажарнай бяспекі Мінска.

бернардзінскі кляштар у Мiнску

Дарэчы, менавіта адсюль прайшла першая гарадская тэлефонная лінія (1890 г.), якая наладзіла сувязь паміж службай дэпо і пажарнай вежай на сучаснай вул. Маскоўскай (захавалася да нашых дзён). У гэтым кутку горада ў 1874 г. упершыню з’явілася вадаправодная сетка. Першыя сляды мінскай конкі ў 1872 г. таксама праляглі па бруку Малой і Вялікай Бернардзінскай.

Пасля вайны збудаванні кляштара перайшлі ў распараджэнне пракуратуры і ваеннай камендатуры. А ў касцёл у 1992 г. пераехалі Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Нацыянальны архіў літаратуры і мастацтва. І па сённяшні дзень ён належыць дзяржаве…

бернардзінскі кляштар у Мiнску

...Больш чым тры з паловай стагоддзі прайшло з часу з’яўлення ў Верхнім горадзе бернардзінцаў і заснавання кляштара. Стварэнне і знішчэнне, аднаўленне і росквіт, зноў разбурэнні і жыццё ў неўласцівай яму функцыі… За апошнія 150 год ён пацярпеў значныя негатыўныя змены. Але нават у тым занядбаным стане, у якім комплекс знаходзіўся на пачатку XXI в., ён нязменна выклікаў цікавасць – як адзін з «обломков, заброшенных из прошлого», нагадваючы «о делах давно минувших дней…». Наспеў час адрадзіць яго, удыхнуць новае жыццё ў сівыя муры, захаваўшы не толькі форму – прасторава-планіровачную кампазіцыю, але і ідэю – дух гэтага Месца.

Спрэчак на тэму, якім быць бернардзінскаму кляштару, было шмат, паколькі тут сутыкнуліся і прафесійныя, і грамадскія, і духоўныя інтарэсы (прадстаўнікі рыма-каталіцкай царквы высоўвалі ідэю адчыніць на тэрыторыі комплексу семінарыю накшталт Гродзенской і Пінскай). І ўсё ж кампраміс быў знойдзены – палягаў ён у «рэканструкцыі і рэстаўрацыі помніка архітэктуры з прыстасаваннем пад гасцінічны комплекс». У сусветнай практыцы шмат прыкладаў, калі былыя культавыя аб’екты нясуць сучасную запатрабаваную нагрузку, таму вырашана было захаваць найбольш адэкватную для кляштара функцыю – жылую, зрабіўшы гэты гістарычны аб’ект даступным для турыстаў і паломнікаў з розных краін. Каб ён служыў і помнікам культуры манаскага быту, і бачнай кнігай гісторыі Мінска для нас і нашых нашчадкаў.

бернардзінскі кляштар у Мiнску

Варта прызнаць, што прыстасаванне помніка архітэктуры да сучасных функцый (як і ўласна рэканструкцыя) непазбежна цягне за сабою шматлікія метамарфозы, таму задача ўсіх, хто спрычыніўся да гэтага працэсу – заказчыка (КУП «Мінская спадчына»), архітэктараў і рэстаўратараў – зрабіць іх найбольш пазітыўнымі. Неабходна было максімальна вярнуць фасадам комплексу першапачатковае рашэнне, выявіць найбольш каштоўныя элементы, аднавіць страчаныя дэталі і нават цэлыя ўчасткі. Як, напрыклад, у будынку на рагу сучасных Зыбіцкай і Герцэна, сцены якога з’яўляліся каменнай агароджай тэрыторыі і «мелі простае архітэктурнае афармленне, нішы шырынёю ў адзін сажань і пілястры ў аршын». Ваконныя і арачныя праёмы с лучковымі перамычкамі, карнізы і цягі з фігурнай фармовачнай цэглы, многія іншыя характэрныя дэталі на жылым будынку – кожны элемент патрабаваў асаблівага падыходу, каб з найбольшай дакладнасцю перадаць сапраўднасць архітэктурных, планіровачных і інтэр’ерных рашэнняў.

Па магчымасці былі захаваныя ўсе характэрныя асаблівасці і архітэктурныя элементы будынка: скляпенні, планіровачная сістэма (калідорная), часткова – элементы аддзелкі. Фундаменты ўмацавалі, сцены расчысцілі ад побытавых напластаванняў, вярнуўшы ім характэрныя прыкметы часу.

бернардзінскі кляштар у Мiнску

«Мелодыя» цеснай знітаванасці мінулага і сучаснага прасочваецца ў інтэр’ернай канцэпцыі гатэля «Манастырскі». Яго ўнутраны воблік – аскетычная мэбля, драўляная падлога ў нумарах, вокны з веснічкамі і пераплётамі, якія нідзе больш не сустракаюцца, – цалкам адпавядае зместу і па-свойму падкрэслівае прыналежность часу. Тактоўна нагадваюць пра былую функцыю калідоры з скляпеністымі пацёсамі, стылізаваныя пад даўніну каваныя свяцільні, келля манаха, фрагменты захаваных насценных малюнкаў пад спецыяльным шклом, частка з якіх адрэстаўравана, а частка засталася некранутай. Усё гэта надае інтэр’ерам своеасаблівы шарм.

бернардзінскі кляштар у Мiнску

Падчас рэканструкцыі розныя па функцыянальным прызначэнні збудаванні набылі цэласны архітэктурны і мастацкі вобраз. Акрамя гатэля з’явіліся новыя музеі. У былой вазоўні размясціўся Музей карэт з сапраўднымі адрэстаўраванымі экспанатамі, у колішнім памяшканні гарадской пажарнай службы – Музей мінскай конкі – асноўнага віду гарадскога транспарту ў XIX – пачатку XX стагоддзя. У хуткім часе Музей археалогіі і гісторыі (для яго дабудавалі спецыяльны аб’ём) адчыніць перед намі карціну далёкага мінулага, пакажа ўсе артэфакты, знойденыя ў Верхнім горадзе падчас раскопкаў 1970-х і 2010 гадоў.

бернардзінскі кляштар у Мiнску

Але самае галоўнае – у гэтым ансамблі захавалася важная сэнсавая рэч – кантэкст архітэктуры, баланс паміж мінулым і сучасным, захаваўся вобраз дадзенага месца. Ён прыцягвае нас сваім чыстым, без асаблівых дэкаратыўных упрыгожванняў архітэктурным гучаннем, дазваляе адчуць той сапраўдны “мінскі дух”, цеплыню і ўтульнасць, уласцівыя вуліцам Верхняга горада у іх мінулым жыцці. Інтэграваны ў сваё гістарычнае асяроддзе, комплекс былога бернардзінскага кляштара, быццам стомлены падарожнік, што вярнуўся дадому пасля доўгай вандроўкі, углядаецца ў знаёмыя некалі краявіды…

Войдите или зарегистрируйтесь, чтобы оставлять комментарии