Flor de Espana – “Кветка Іспаніі”… Менавіта такую назву яшчэ ў XVI стагоддзі даў гораду Кордава паэт Луіс дэ Гангора. Гэты горад ўжо тады меў даволі працяглую і багатую гісторыю – спачатку як адзін з гарадоў старажытна-рымскай правінцыі, а з Х стагоддзя – як сталіца Кордаўскага арабскага халіфата. У XIII стагоддзі ён быў уключаны ў Кастыльскае Iспанскае каралеўства.
Але гісторыя Кордавы – гісторыя не толькі дзяржаўных межаў, правіцеляў і ваяроў. Ва ўсе часы гэты горад быў калыскай навукі і культуры. Дастаткова сказаць, што менавіта ў Кордаве нарадзіўся вялікі рымскі філосаф Сенека, а ўжо за арабскім часам адсюль пайшоў у свет вядомы яўрэйскі філосаф Маісей Майманід. У сярэднявеччы ў Кордаве была бібліятэка з 400 тысяч кніг, тут працавалі выдатныя вучоныя, урачы, паэты і архітэктары.
Менавіта ў Кордаўскім халіфаце, у рэгіёне Аль-Андалус (як тады яго называлі), расквітнеў асаблівы від маўрытанскага (араба-іспанскага) мастацтва, увасоблены ў творах архітэктуры, дэкаратыўна-прыкладнога і садовага мастацтваў. Безумоўна, арабы нешта ўзялі з творчасці Старажытнай Персіі, Старажытнага Рыма і Візантыі. Але тут яны стварылі свой стыль, які і сёння ўражвае сваёй вытанчанасцю і хараством. У Кордаве, напрыклад, ёсць Эль-Мескіта – цудоўная маўрытанская мячэць, якая потым была перабудавана ў каталіцкі касцёл.
Унутраны выгляд сабора Эль-Мескіта ў Кордаве
Выдатныя ўзоры маўрытанскай архітэктуры у Іспаніі – гэта палац Альгамбра ў Гранадзе і палац Алькасар у Севільі.
Фрагмент інтэр’еру палаца Альгамбра ў Гранадзе
Арнамент на столі ў палацы Альгамбра
Унутраны дворык палаца Алькасар
Фрагмент аркі палаца Алькасар у Севільі
Тут мастацтва іспанскіх арабаў дасягае надзвычайнай вышыні. Сцены і столі палацаў пакрывае дэкор з разьбяной тынкоўкі (стукка), роспісаў і маёлікавай кафлі. Мудрагелістыя камбінацыі з раслін, геаметрычных формаў і арабскіх надпісаў набылі ў сусветным мастацтве назву “арабескі”. Наогул, мастацтва арнаменту ў розных краінах шмат што запазычыла ў арабаў і ісламскага мастацтва.
Цікава, што і пасля рэканкісты (адваявання хрысціянамі Іспаніі) культуры Усходу і Захаду існавалі тут разам і побач, што пацвярджаюць выключнай прыгажосці мясцовыя архітэктурныя творы. Нарадзіўся асаблівы сплаў маўрытанскага мастацтва з готыкай, рэнесансам і барокам. Гэты стыль называецца мудзехар – ад імя арабскіх рамеснікаў, якія тут жылі і працавалі пасля рэканкісты. Цудоўным прыкладам зліцця архітэктур Усходу і Захаду з’яўляецца вежа Хіральда ў Севільі.
Вежа Хіральда ў Севільі